Іван Андрусяк

 

лёгка нібы дотыкам крыла…

“легко ніби дотиком крила…” – поезія зі збірки “Депресивний синдром”, присвячена художникові Назару Кардашу

за краем нябёсаў чуйнуе чужы рамадан…

“за овидом терпне самотній сумний рамадан…” – поезія зі збірки “Отруєння голосом”

Я паміраю вас. Такі адчай…

“Я помираю вас. Така печаль…” – поезія зі збірки “Отруєння голосом”

сапраўды кажу табе – зіма…

“істинно кажу тобі – зима…” – поезія зі збірки “Шарґа”

Ружа для Піначэта

“Троянда для Піночета” – поезія зі збірки “Повернення в Ґалапаґос”

Пераклала Вальжына Морт

Переклала Вальжина Морт

 

 

* * *

Назару Кардашу

 

лёгка нібы дотыкам крыла

намалюеш галаву на тацы

ці німфэтку ў эратычным танцы

покуль не аблушчыцца кара

із старога явару край лона

ў шолахі танцоўніцу адзень

пэндзаль фарбы і букет півоняў

і яна пакорная бы цень

 

адарвацца контуры зацерці

гусьне лімфа плача немаўля

одаю каханьня або сьмерці

месяца гайдаецца пятля

дагарэла явару палова

ванітуе ў прыску жоўты пёс

галаву івана багаслова

служка разам з каваю прынёс

 

 

* * *

 

за краем нябёсаў чуйнуе чужы рамадан

збуцьвелай саломаю крышыцца ў кляштарнай браме

аддам табе персьцень і палец а сьнегу ня дам

няхай ён цяжэе між намі цяжэе між намі

 

на дамбу ня выйду там вусны распаленых сьліў

пагрудзьдзі лілей гермэтычна-плутонная стома

яры за ярамі там замшавы дождж насьцяліў

ды неба няма й застаюся я ўвязьнены дома

 

а сны мэнэлая няхай асьмяе мэнэлай

багнэты юдолі няхай ён чвартуе валамі

ўкраіну бяры толькі сьнегу прашу не кранай

няхай ён цяжэе між намі цяжэе між намі

 

 

* * *

 

Я паміраю вас. Такі адчай.

Такі сьвітанак дагарэў дазваньня.

І Бог гаворыць: выбачай, Іване,

За тое, што маўчаў я, выбачай.

 

Я выбачу, бо сьмерць спыніла час.

Я доўга знаў, што жыць хапае сілы.

Ды чорны месяц перарэзаў жылы

І чорны плашч аблізвае абцас.

 

Я выбачаю, болей не згадаць,

Якою глінай гэты мозг заліты.

Мая самота будзе ападаць

Пад пакрывалы шчырае малітвы.

 

Ужо цьвіце пад мостам алыча,

Мартыралёгі складзены нанова.

Прабачце мне, Дажбожа ці Егова,

Прабачце мне за тое, што маўчаў.

 

І толькі студня жоўтае труны,

І зь явару на яву выйшлі мышы,

І цемраю замеценыя сны:

Ні сьледу, ні крыві ў суцэльнай цішы.

 

 

 

* * *

 

сапраўды кажу табе – зіма

так і час пераступае тройчы

і нікога вечнага няма

гэты сьнег усім закрые вочы

 

немач прарастала хараством

крошкі хмар ляцелі на дарогу

думаньне апошнім рамяством

засталося нам – ці толькі богу

 

скрыпты – на стары музычны лад

мушля ці трэмбіта спраўдзяць мэту

на паўсьвету паглядзець назад

і пераканацца на паўсьвету

 

гэту кветку крапіву дзіцё

гадзінай бярэш не на гадзіну

сапраўды кажу табе – жыцьцё

сінякамі выцалуе сьпіну

 

 

Ружа для Піначэта

 

я не дарос да размоваў пра плаху

соры азёры што праляцелі

пане дыктатару восень-дзяваха

добра душу адгрызае ад цела

 

кроплю дыктуе – родзяцца зьлівы

крону дыктуе – віецца барока

курва народ наш бязьмежна шчасьлівы

ў парнакапытнай торбе прарока

 

мабыць у нейкім цёмным правансе

кулю зьляпіць нам могуць па трое

мы ж перанесьлі стрэсы і трансы

ўсе мы паскуды ўсе мы героі

 

крочыць па сьвеце ў масцы казачай

можна хіба што праз забарону

пане дыктатару восень ня плача

восень за пазухай мае карону

 

лузгае семя плодзіць бацылы

лаецца ямбам на хуткую сьцюжу

я не прынёс табе славы і сілы

толькі маленькую жоўтую ружу

 

хай табе будзе горш перад ёю

гордых жанчын у зімовым палацы

вечнай ідэі вучыць прапісное

разам зь цяжкою мілоснаю працай

 

а калі холад ляжа на грудзі

ў нетрах законаў бы ў залежах гліны

знойдуцца коні знойдуцца людзі

толькі зьляпіць іх ці хопіць нам сьліны

 

 

На головну

Хостинг от uCoz